СПЕКТРА́ЛЬНАЯ АДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ прыёмніка выпрамянення,
адносіны велічыні, што характарызуе ўзровень рэакцыі прыёмніка (выхаднога сігналу), да патоку энергіі монахраматычнага выпрамянення. які выклікаў гэтую рэакцыю. Адрозніваюць абсалютную С.а. (выражаецца, напр., у амперах на ват, калі рэакцыя прыёмніка выражаецца ў амперах) і адносную С.а. — адносіны С.а. пры дадзенай даўжыні хвалі выпрамянення да максімальнай С.а. ці да С.а. пры пэўнай фіксаванай (эталоннай) даўжыні хвалі. С.а. вока (спектральная светлавая эфектыўнасць выпрамянення) — адносіны светлавога патоку монахраматычнага выпрамянення да поўнага патоку выпрамянення, успрынятага вокам чалавека; найб. значэнне мае для даўжыні хвалі 555 нм. Спосабы вызначэння абсалютнай і адноснай С.а. вока пакладзены ў аснову пабудовы сістэмы светлавых велічынь. Гл. таксама Прыёмнікі аптычнага выпрамянення, Сенсібілізацыя, Сенсітаметрыя, Фотаметрыя.
т. 15, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)